КОБРЫН (Кобрин, Kobryń): горад Брэсцкай вобласці, гісторыя Кобрына

Горад Кобрын (Кобрин, Kobryń, Kobrynas, Кобрынь, Kobrin)

foto: gorad Kobrin Кобрын — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі у 52 км ад Брэста. Цэнтр Кобрынскага раёна на сутоках р. Мухавец і Дняпроўска-Бугскага канала, насельніцтва 50 тыс. чал.

Згодна з паданнем, заснаваны ў 11—12 стст. нашчадкам кіеўскага князя Ізяслава на востраве пры ўпадзенні ракі Кобрынкі ў Мухавец. Упершыню ўпамінаецца пад 1287 г. ў Іпацьеўскім летапісе. Горад Кобрын...

Упершыню ўпамінаецца пад 1287 г. ў Іпацьеўскім летапісе як уласнасць валынскага князя Уладзіміра Васількавіча [Володимир Василькович], які завяшчаў Кобрын сваёй жонцы Вользе Раманаўне. Уваходзіў у склад Галіцка-Валынскага княства, з 1-ай паловы 14 ст. — у ВКЛ. Належаў вялікаму князю ВКЛ Альгерду [Альгірдас, Algirdas], 1366 г., пазней яго сыну князю Фёдару Ратненскаму [Teodoras Algirdaitis]. Пасля смерці князя і падзелу ўладанняў паміж яго сынамі ўтварылася Кобрынскае княства, якое ў 15 ст. існавала як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная і судовая акруга ў ВКЛ.

Родапачынальнікам князёў Кобрынскіх [Kobrinskiai] стаў сын Фёдара Ратненскага Раман [Romanas Teodorovičius], які ў 1404 г. атрымаў ад вялікага князя Вітаўта [Вітаутас Вялікі, Vytautas Didysis] грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі.

Апошні прадстаўнік роду па мужчынскай лініі князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі (сын Сямёна Раманавіча) разам з жонкай Фядорай Іванаўнай з роду Рагацінскіх заснавалі ў Кобрыне праваслаўны манастыр пры Спаскай царкве (царкоўныя гісторыкі лічаць, што манастыр быў заснаваны ў 1497 г.).

Пасля смерці Івана Сямёнавіча (каля 1490 г.) вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Казімір IV Ягелончык [Kazimierz IV Jagiellończyk, Kazimieras I Jogailaitis] пакінуў Кобрынскае княства ў валоданні яго ўдавы, якая ў 1508 г. перадала горад ва ўладанне сястры князя Івана Сямёнавіча Ганне і яе мужу В. Косцевічу.

У 1519 г. пасля смерці Ганны Сямёнаўны і ў сувязі са згасаннем роду князёў Кобрынскіх княства было скасавана, а яго тэрыторыя перададзена вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам I Старым [Zygmunt I Stary, Žygimantas Senasis] у пажыццёвае ўладанне ў якасці староства маршалку ВКЛ Венцлаву Косцевічу [Wencław Kostewicz].

У 1520—1566 гг. горад — цэнтр Кобрынскага павета Падляшскага ваяводства, з 1566 г. знаходзіўся ў складзе Берасцейскага павета. У 1532 г. Жыгімонт I Стары перадаў правы на Кобрын і староства каралеве Боне (паводле іншых звестак, у 1549 г.). У гэты час юрыдычна аформілася Кобрынская эканомія — феадальнае зямельнае ўладанне, падпарадкаванае каралю. Як "сталовае ўладанне" Кобрынская эканомія, як правіла, у 16—17 стст. надавалася ва ўтрыманне жанчынам — членам каралеўскай сям'і.

У 1589 г. уладальніца Кобрына Ганна Ягелонка надала яму магдэбурскае права і герб: шчыт з выявамі Св. Ганны і Маці Божай з дзіцем; была пабудавана ратуша. У 1563 г. у Кобрыне меліся касцёл, 3 праваслаўныя царквы, праваслаўны Спаскі манастыр.

Пасля Брэсцкай уніі 1596 г. кобрынскі Спаскі манастыр стаў уніяцкім, належаў ордэну базыльянаў. У 1626 г. пры манастыры была заснавана школа.

Планіроўка і забудова Кобрына маюць шматвяковую гісторыю. У месцы ўпадзення р. Кобрынкі ў Мухавец у старажытнасці было закладзена першае ўмацаванне, на якім пазней былі пабудаваныя Верхні і Ніжні замкі. Як сведчаць матэрыялы рэвізіі 1597 г., у гэта час яны прыйшлі ў заняпад. Умацаванні Кобрына складаліся з драўляных Верхняга ("Высокага", былога ўмацаванага дзядзінца ў месцы зліцця Кобрынкі і Мухаўца) і Ніжняга ("Прыгародак", былога пасада 14—15 стст.) замкаў (існавалі з 14 ст.). Верхні замак быў абнесены каменнымі сценамі з шмат'яруснымі драўлянымі вежамі, Ніжні — ровам і валам. Замкі злучаліся пад'ёмным мастом. Захаваліся рэшткі замкавага рова. На паверхні зямлі знойдзеныя абломкі керамікі, якая адносіцца да 12—13 стст. Недалёка ад замка, на тэрыторыі былога пасада, на глыбіні 1,5—2 м выяўленыя рэшткі старажытнай вуліцы з бярвення.

Паводле дадзеным рэвізіі 1563 г., на левым беразе было 5 вуліцаў, рынкавы пляц і ратуша (не захавалася), на правым — 2 вуліцы. Побач з замкамі размяшчаўся замкавы фальварак з жылымі і гаспадарчымі памяшканнямі. Горад развіваўся на процілеглым ад замка беразе Кобрынкі. У 1597 г. ён складаўся з 2 частак асноўнай гарадской тэрыторыі ("места") і Замухавецкага прадмесця; налічваў 550 сядзібных пляцаў. Цэнтрам горада з'яўлялася рынкавая плошча з ратушай і 32 пляцамі забудовы. З 8 гарадскіх вуліц самай вялікай была Пінская, якая ішла ад рынка на ўсход. На Чараваціцкай вуліцы горада размяшчалася Петрапаўлаўская царква, на Астрамечаўскай — Мікалаеўская, на адной з дзвюх "вуліц над Кобрынкай" — Прачысценская царква і багадзельня.

У сярэдзіне 17 ст. Кобрын налічваў каля 1700 жыхароў і 500 дамоў. Горад значна пацярпеў у час казацкіх і сялянскіх нападаў 1648—1651 гг. У 1706 г. Кобрынь захапілі шведы і патрабавалі пад пагрозай спаленьня горада кантрыбуцыю, якую ледзь удалося сабраць жыхарам. Прыведзены ў заняпад, Кобрын у 1766 г. быў пазбаўлены гарадскога самакіравання. У 1757 г. агульнае дзяржаўства на Брэсцкую і Кобрынскую эканоміі тэрмінам на 6 гадоў атрымаў Е. Флемінг. З 1768 г. рэарганізацыяй Кобрынскай эканоміі займаўся Антоні Тызенгаўз. У 1784 г. Кобрын наведаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [Stanisław August Poniatowski]. У 1790 г. ў горадзе налічваецца 360 дамоў.

З 1791 г. горад — цэнтр Кобрынскага павета Брэсцкага ваяводства. У перыяд паўстання 1794 г. быў акупаваны расейскімі войскамі пад камандаваннем А. Суворава. У 1790-ыя гг. налічваў больш за 2 тыс. жыхароў, 300 дамоў. З 1795 г. Кобрын уваходзіў у склад Расейскай імперыі як павятовы горад Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губерняў. У 1795 г. Кобрын і маёнтак Кобрынскі ключ з сядзібай Кацярына II падаравала А. Сувораву. Пасля ягонай смерці маёмасць была распрададзена нашчадкамі. З 1808 г. сядзіба знаходзілася ва ўладанні маёра Гельвіга, з сярэдзіны 19 ст. — брата паэта Адама Міцкевіча Аляксандра. У грамадзянскую вайну 1812 г.ў Кобрыне і наваколлі 15(27)7.1812 г. адбыўся бой паміж расейскімі дывізіямі і атрадам саксонскага корпуса Ж.-Л. Рэнье; была атрымана першая з пачатку вайны значная перамога расейскіх войск (у 1912 г. у горадзе пабудавалі помнік у гонар гэтай перамогі). У час вайсковых дзеянняў 1812 г. у Кобрыне згарэла 548 дамоў з 630.

У канцы 18 ст. і ў 19 ст. цэнтр горада забудоўваўся цаглянымі двухпавярховымі жылымі дамамі, ніжнія паверхі якіх адводзіліся пад крамы і майстэрні. У гэта час Кобрын - ажыўлены гандлёвы цэнтр, дзе праводзілася некалькі кірмашоў у год. Значную частку рынкавага пляца займалі аднапавярховыя гандлёвыя рады (захаваліся часткова).

У 1828 г. у Кобрынскім Спаскім манастыры адчынілася духоўнае вучылішча. У 1-ай чвэрці 19 ст. ў горадзе дзейнічала ланкастэрская школа (школа ўзаемнага навучання). У 1846 г. завяршылася будаўніцтва шашы Масква—Варшава, якая прайшла праз Кобрын. У 1848 г. у Кобрыне — 550 двароў, 1673 жыхары; праводзіліся Петрапаўлаўскі і Успенскі кірмашы. У 1882 г. праз паўночную ўскраіну горада была пракладзена Палеская чыгунка. У 2-ой палове 19 ст. дзейнічалі царква, касцёл, сінагога.

Касцёл Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі


Звесткі аб першым рыма-каталіцкім касцёле ў Кобрыне адносяцца да 1513 г. Алтар у гэтым касцёле, паводле дакументаў, быў узведзены на грошы Ганны Кобрынскай-Касцевіч. Не адзін раз гарэў, а потым зноў аднаўляўся. Пасля пажару 1812 г. (касцёл стаяў недалёка ад рынку) яго далейшы лёс невядомы.

У маі 1840 г. быў зацвержаны праект мураванага касцёла архітэктара Наскова. У 1841 г. пачалося 6удаўніцтва, якое было завершана ў 1843 г. У 1851 г. біскуп Віленскі Вацлаў Зулінскі прысвоіў касцёлу тытул Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі. Быў закрыты ў 1962 г. Адноўлены ў 1990 г. на сродкі вернікаў і пры дапамозе будаўнічай арганізацыі "Энергаполь" у Кобрыне.

Касцёл ў Кобрыне — помнік архітэктуры класіцызму. Уяўляе сабой 3-нефавы 2-вежавы храм. Прамавугольны ў плане аб'ём накрыты 2-схільным дахам. Галоўны фасад вылучаны дзвюма 1-яруснымі чацверыковымі вежамі. Бакавыя фасады рытмічна раскрапаваны прамавугольнымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках, упрыгожаны аркатурным поясам. У храме знаходзіўся цудатворны абраз "Збавіцель".


У 1897 г. ў Кобрыне 10355 жыхароў, каля 30 прадпрыемстваў, чыгуначная станцыя (84 жыхары). У 1914 г. працавалі 25 дробных прадпрыемстваў. У 1915 г. Кобрын акупаваны кайзераўскімі. З сакавіка 1918 г. уваходзіць у склад абвешчанай БНР. Правы на Кобрын прад'яўляла і маладая Украінская дзяржава. У 1919 г. Кобрын акупаваны польскімі войскамі. Паводле Рыжскай дамове, горад адышоў да Польшчы як цэнтр павета Палескага ваяводства (1921—39). Эканамічны крызіс і хранічнае беспрацоўе выклікалі масавую эміграцыю жыхароў за мяжу. З 1921 г. — у складзе Польшчы, цэнтр аднайменных гміны і павета Палескага ваяводства. У 1921 г. ў горадзе 878 будынкаў, 8208 жыхароў; у 1931 г. — 1342 будынкі, 10101 жыхар.

З 15.1.1940 г. горад — цэнтр Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці БССР. У 2-ю сусветную вайну з 23.6.1941 да 20.7.1944 г. Кобрын акупаваны гітлераўцамі, якія загубілі ў горадзе каля 6900 чалавек. У сучасным Кобрыне дзейнічаюць ваенна-гістарычны музей імя А. Суворава, занальны дзяржауны архіў Брэсцкай вобласці. Працуюць інструментальны завод, завод гідраўлічнага машынабудавання, дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці; ільнозавод, Кобрынскае ўпраўленне магістральных газаправодаў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемсгва “Белтрансгаз”; розныя будаўнічыя арганізацыі.

Помнікі архітэктуры Кобрына: 

  • гістарычная забудова плошчы Свабоды, 
  • Георгіеўская царква (17—18 стст.), 
  • касцёл Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі (1843 г.), 
  • Свята-Мікалаеўская царква (перанесена на тэрыторыю Кобрына ў 1839 г.), 
  • Свята-Петра-Паўлаўская царква (1913 г.), 
  • паштовая станцыя (1846 г.), 
  • Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (1864—1868 гг.), 
  • будынак былога Спаскага манастыра, 
  • будынак былой сінагогі (2-ая палова 19 ст.), 
  • помнік перамогі расейскіх войскаў над французамі ў 1812 г. (адноўлены ў 1951 г.).

Крыніца: В. Князева, "Падарожжа па Беларусі. Гарады і гарадскія пасёлкі", А.М. Кулагін "Памяць. Кобрынскі раён", www.radzima.org, фота: К. Шастоўскі, касьцёл Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі


:: Щоб отримати інформацію українською, шукайте - місто Кобрин на Берестейщині Білорусі, Кобрин центр Поліського воєводства, костьол Спочинку Пресвятої Діви Марії в Кобрині.
:: Чтобы получить информацию по-русски, ищите – город Кобрин в Беларуси, Кобрин центр Полесского воеводства, костел Упокоения Пресвятой Девы Марии в Кобрине.;
:: To get more information in English please ask or google for – Kobryn (Kobrin, קאברין) town in Brest Voblast of Belarus, center of Polesie Voivodeship.
:: Jeigu norite gauti informaciją lietuvių kalba, prašom kreiptis arba ieškokite Internete – Kobrynas (Kobrinas), mestas pietvakarių Baltarusijoje, Bresto srityje.  
:: Aby dowiedzieć się więcej w języku polskim zapytaj lub szukaj w internecie na temat – Kobryń, miasto na Polesiu w zachodniej części Białorusi, Województwo poleskie.

Тема: горад Кобрын, гісторыя, Палескае ваяводзтва

ЗНАЙТИ ЧИ СКАЧАТЬ ПОДІБНУ ІНФОРМАЦІЮ, ФОТО:



0 comments:

Дописати коментар

 
 
 

Як називають Полісся?

Поліщуки часто кажуть Полісьсе чи Палесьсе, східні слов'яни та казахи звуть Палессе, Полесье. Словаки та норвежці називають Polesie, чехи - Polesí, південні слов'яни - Polissja чи Полесие, Полесия, Полесје. Литовці іменують Polesė. Німці й шведи звуть Polesien, голандці - Polesië, латиши Poļesje, французи - Polésie. Англійці, італійці, іспанці, фіни - Polesia, рідше Polissia. Норвежці та естонці кажуть Polesje, греки Πολεσία, деякі євреї - פּאָלעסיע, вірмени Պոլեսիե, тайці โปเลเซีย, японці ポリーシャ, корейці 폴레시아, ті, кого найбільше звуть 中文, а турки як завжди - Polesiye.

Екскурсійні тури

Праліси Поліського заповідника | Містичне Камінне село | Чернігів незвичайний | Поліська вузькоколійка "Кукушка"

ВАШІ СТАТТІ

Ви живете на Поліссі чи маєте цікаві матеріали з історії поліського краю? ІЦ Полісся шукає регіональних дописувачів: студентів і журналістів, краєзнавців, істориків, усіх, хто бажає опублікувати свої авторські матеріали - новини, розвідки, дослідження. Особливо розшукуються небайдужі автори у містах: Рівне, Чернігів, Малин, Сарни, Ковель, Ніжин. Зголошуйтесь: icpolissya@gmail.com
 
Copyright © 2009-2022 ІЦ Полісся