Географічная карта, феномен Палесся: білоруський погляд

Розвідка на тему: білоруський погляд на історію та культуру, походження назви Полісся, особливості поліщуків. 

Автор: Фьодар Клімчук, поліщук з Берестейщини, білоруський фахівець з лінгвогеографії та історії Полісся, що написав понад 200 робот у галузі діалектології, лінгвогеографії, лексикографії, славістики, фольклору, етногенезу, глоттогенезу, соціолінгвістики, топоніміїї тощо, захистив кандидатської роботи на тему лінгвогеографії Західного Полісся, очолює білоруське західнополіське науково-краєзнавче товариство "Загароддзе".
Мова: білоруська.


Феномен Палесся
Загароддзе-1. Матэрыялы Міждысцыплінарнага навуковага семінара па пытанях даследавання Палесся (Мінск, 19 верасня 1997 г.). Мінск, 1999. С. 5—9.
Тэрыторыю Палесся даследчыкі вызначаюць па-рознаму. Найбольш пашыраны варыянт: ад Бéрасця (ці нават Бяла-Падляскі) на захадзе і амаль да Калугі на паўночным усходзе. Іншыя варыянты: 2) ад Берасця да Дняпра, 3) ад Берасця да ўзмежжа Рэспублікі Комі і Пермскай вобласці Расіі, 4) Палессе абмяжоўваецца тэрыторыяй Берасцейска-Пінскага Загароддзя...

Паверхня Палесся – раўніна. Адносна забалочанасці. Балоты ў плане іх велічыні можна падзяліць на дзве групы. Першая – невялікія балоты, балотцы, лужкí. Яны пашыраны па ўсім Палессі. Працэнт плошчы, якую яны займаюць, відаць, трохі вышэйшы, чым наогул у лясной зоне Еўропы. Другая група -- буйныя балотныя масівы. Апошнія на тэрыторыі Палесся ўтвараюць два паясы, паўночны і паўднёвы. Паўночны пояс праходзіць па ўзмежжы Палесся з Панямоннем і Случчынай. Пачынаецца ён каля вярхоўяў Нарава і Ясельды і цягнецца на ўсход прыкладна да ракі Пціч. Паўднёвы пояс пачынаецца каля Заходняга Буга і цягнеццца таксама на ўсход блізка сучаснай беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы да ракі Убарць. У раёне Пінска гэтыя паясы прыбліжаюцца адзін да другога.

Палессе знаходзіцца ў зоне змешаных лясоў. Паўднёвая граніца Палесся праходзіць па мяжы лесу і лесастэпу. Найбольшай лясістасцю вызначаецца масіў, які можна ўмоўна назваць цэнтральнапалескім. Ён ахоплівае заходнюю частку Гомельскай вобласці, прылягаючыя тэрыторыі Брэсцкай вобласці Беларусі, суседнія раёны Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай абласцей Украіны. Лясы тут займаюць каля 50 % тэрыторыі. У Берасцейска-Пінскім Загароддзі лясы складаюць каля адной чвэрці ўсёй плошчы.

Для параўнання прывядзём дадзеныя пра лясістасць іншых рэгіёнаў: Беларусь у цэлым 33,8 %, вобласці Гродзенская, Віцебская, Магілёўская, Брэсцкая, Мінская ад 32 да 37%, Гомельская вобласць (уключае асноўную частку Тураўска-Мазырскага Палесся) 40 %, украінскае Палессе 23,2 %, Бранская вобласць Расіі 26 %, Смаленская і Пскоўская вобласці 31%, Цвярская вобласць 36 %, Калужская і Маскоўская вобласці 40 %, Ноўгарадская вобласць 50 %, Валагодская вобласць 66 %, Францыя 20 %, Індыя 21,8 %, Польшча 27,2 %, Літва 28 %, Германія каля 30 %, Чэхія каля 32 %, Славакія 36 %, Латвія і Аўстрыя 38 %.


У далёкім мінулым Палессе знаходзілася на ўскраіне славянскай прарадзімы. Пазней, калі тэрыторыя рассялення праславян пашырылася, яно апынулася ў "сярэдняй" Славіі. Такое становішча спрыяла наступнаму. Славяне Палесся менш кантактавалі з прадстаўнікамі неславянскіх этнасаў, чым многія іншыя славянскія групы. І калі на поўнач і на поўдзень ад Палесся ў выніку інтэнсіўных міжэтнічных кантактаў праславянская моўная сістэма разбуралася, там утвараліся рысы, якія пазней ляглі ў аснову беларускай і ўкраінскай моў, то на Палессі такая сістэма захоўвалася даўжэй. І зараз палескія гаворкі вызначаюцца сваёй архаічнасцю. Асабліва архаічныя гаворкі гараднянскага, стрыгінскага, беражноўскага, верхнеясельдскага тыпаў . Яны ўтвараюць невялікія масівы і астравы. На Палессі захавалася нямала архаічных асаблівасцей не толькі ў народных гаворках, але і ў этна-нацыянальнай самасвядомасці.

Сярод старажылаў Палесся ўсведамленне сваёй прыналежнасці да славян з’яўляецца больш-менш звычайнай з’явай. Тое ж можна сказаць і пра 1940—1950-я гады, калі мы фіксавалі выказванні мясцовых жыхароў, якія нарадзіліся ў апошнюю чвэрць ХІХ ст. (1870–1890-я гады). Такому ўсведамленню, вядома, садзейнічала школа і царква. Але, відаць, захоўваліся і даўнія традыцыі. Пры кантактах палешукоў з прадстаўнікамі іншых усходнеславянскіх груп звычайна кожны гаварыў на сваёй гаворцы і адзін другога разумелі. Заходнія палешукі здаўна кантактавалі з палякамі. Мова ў такіх выпадках таксама не з’яўлялася перашкодай. Ёсць нямала звестак пра непасрэдныя кантакты палешукоў, сялян і мяшчан, з чэхамі і сербамі. Траплялася гэта ў заробках у Амерыцы, у Германіі ў час знаходжання ў палоне ці на работах, у партызанах і інш. Паведаміў мне адну сітуацыю мой зямляк, Раманюк Даніл Мікалаевіч (1922–1997 гг.). Нарадзіўся ён у вёсцы Сіманавічы Драгічынскага раёна, шмат гадоў працаваў дырэктарам Сіманавіцкай СШ. У час удзелу ў партызанскім руху доўгі час жыў у адной зямлянцы з сербам, хадзіў разам з ім на баявыя заданні. Адразу ж узнікла пытанне: як жа кантактаваць, не ведаючы і спецыяльна не вывучаючы мовы. Выручыла заходнепалеская гаворка Д.М. Раманюка. Гаварылі: адзін па-сербску, другі – па-палеску. Была ўмова: гаварыць помáлу, г. зн. павольна. Ведалі на Палессі пра Балгарыю і балгар, было вядома, што балгары – славяне.

Што датычыцца беларускай і ўкраінскай нацыянальных ідэй, дык яны з’явіліся на Палессі запознена.

Па характару ўмоў жыцця і гаспадарання ў Заходнім Палессі выдзяляліся наступныя тры групы насельніцтва. Першая, найбольш значная – лесавы′я лю′дзі (лісовы′йі лю′дэ). Іх вёскі прымыкалі да лесу. Другая – палявікí (полёвыкы′), палюхí (полюхы′) або пульвінá (пульвынá). Іх угоддзі не прымыкалі ні да лесу, ні да балотных масіваў. Трэцяя група – балацюкí (болотюкы′), багнюкí (багнюкы′) ці "болóтяны лю′дэ". Іх вёскі прымыкалі да балотных масіваў, зрэдку былі размешчаны на ўзвышэннях сярод балот.

Пункты погляду даследчыкаў адносна паходжання тапоніма Палессе не ва ўсім сыходзяцца . Большасць прытрымліваецца думкі, што ў аснове гэтай назвы ляжыць корань -лес-. Існуе, праўда, пункт погляду, што тапонім Палессе балтыйскага паходжання і ўзыходзіць да назваў з коранем pol-/pal-, якія абазначаюць балоцістыя мясціны .
Пры разглядзе пытання паходжання тапоніма Палессе неабходна прывесці вядомы на гэтую тэму матэрыял, класіфікаваць яго, вылучыць супярэчлівыя моманты. Неабходна адрозніць: у якіх выпадках назвы Палессе, палешукі традыцыйна мясцовыя, у якіх – кніжныя, калі прыналежнасць да палешукоў лічыцца гонарам, а калі – ганьбай, калі слова палешукі з’яўляецца саманазвай, а калі так называюць пэўныя групы людзей іх суседзі і г.д.

У свой час аўтар гэтых радкоў лічыў, што адносна Палесся і палешукоў усё дакладна ўстаноўлена – вядома і добра акрэслена яго тэрыторыя, што жыхары яго – палешукі, што так не толькі пішуць у кнігах, але так лічыць і само насельніцтва палескіх тэрыторый, і так яно лічыла спрадвеку. Былі, праўда, нейкія сумненні, але гэта асобная тэма.

І вось адзін факт даў мне зразумець, што наконт Палесся існуюць розныя пункты погляду. Было гэта ў 1954 г. на маёй радзіме, Драгічыншчыне. Пасля заканчэння настаўніцкага інстытута мяне размеркавалі на працу ў Столінскі раён. Вырашыў я наведаць сваю цётку Полáю (Пелагею), бацькаву сястру. Цёткі не было дома. Сустрэўся я з яе мужам, дзядзькам Лукашом (1893 – 1977 гг.). Я паведаміў, што еду на працу ў Столінскі раён. Дзядзька Лукаш сказаў: "Ты там можэш попасты в Полíссе". Я быў вельмі здзіўлены і спрабаваў пярэчыць: "То й у нас жэ Полéссе!" На гэта я атрымаў наступны адказ.
Полессе і Поліссе неабходна адрозніваць. Полессе -- назва кніжная. Яе часам ужывалі і ўжываюць пісьменныя людзі. Часцей гэтую назву сталі ўжываць пры Польшчы, калі было створана Палескае ваяводства. Поліссе - назва не з кніг, а ад старых людзей, перш за ўсё ад людзей бывалых. Добра ведаюць усялякія назвы тыя, хто хадзіў на бáлі, г.зн. на сплаў лесу. А дзядзька Лукаш мноства разоў на бáлі хадзіў. Гонылы балі ад Буга да Гарыні і нават на большых прасторах. Адначасова вывучалі наваколлі. Было гэта до Мыколáёвськыйі (да першай сусветнай) вайны. Дык вось по-старынному лічылася, што Поліссе знаходзіцца за Гарынню (за Гóрынем), г.зн. на ўсход ад Гарыні.
На Століншчыне я працаваў у вёсцы Відзібар, якая знаходзіцца на захад ад Гарыні. Уладкаваўшыся на кватэру, я ў той жа вечар запытаў у гаспадыні, ці ёсць у Столінскім раёне Поліссе? Атрымаў адказ: "Е тут Поліссе, за Гóрынем воно".
Праз некалькі гадоў я зноў звярнуўся да дзядзькі Лукаша з пытаннямі пра Поліссе. Ён унёс дапаўненні. Выявілася, што да Полісся адносяцца не толькі мясцовасці за Гарынню, але і іншыя тэрыторыі, дзе многа лесу. Гэта мясціны за Ясельдай (раён Целяхан, Лагішына) і за Дняпроўска-Бугскім каналам.

Спынімся на іншых фактах пра Палессе.

Для большасці жыхароў Палесся, г.зн. вобласці паміж Брэстам і Калугай, слова палешукі не з’яўляецца саманазвай. Калі так называюць сябе, дык лічаць гэтае слова назвай кніжнай і ўжываюць яго ў значэнні не этноніма, а катайконіма. Вядома, уплываюць кнігі, школа, радыё, тэлебачанне, назвы адміністрацыйных утварэнняў (Палеская воласць, Палескае ваяводства, Палеская вобласць), чыгункі (Палеская чыгунка) і інш. Узнікаюць наступныя пытанні. Як трапіла слова Палессе ў кнігі – з народных вуснаў ці прыдумана кніжнікамі? Калі з народных вуснаў, дык ад жыхароў якой мясцовасці і калі? А таксама ў чым розніца ва ўяўленнях пра Палессе і палешукоў у розных груп насельніцтва? Адны так называюць сябе і свой край, другія – суседнюю мясцовасць і яе жыхароў.

Пад Палессем разумеюць суседнія вобласці ў некалькіх рэгіёнах. Найбольш ужывальны гэты тапонім на асноўнай тэрыторыі Украіны, дзе называюць Палессем (Полісся) паўночную Украіну, якая размешчана ў зоне змешаных і лісцёвых лясоў. Але ж паўночная Украіна ў наш час не з’яўляецца зонай дрымучых лясоў. Там лясы чаргуюцца з палямі, сенажацямі. Лясы ва ўкраінскім Палессі займаюць усяго 23,2% яго тэрыторыі. Але дзе на Украіне існуе саманазва поліщукú? З такім пытаннем я ў свой час звярнуўся да вядомага ўкраінскага дыялектолага Н.І. Марчук, якая, удзельнічаючы ў многіх дыялекталагічных экспедыцыях, аб’ездзіла ўсю Украіну. Яна адказала, што саманазва поліщуки існуе на невялікай тэрыторыі. Гэта вузкая паласа на ўзмежжы з Беларуссю паміж рэкамі Гарынь і Дняпро. Іншыя такія вобласці існуюць у зоне лясоў. Працэнт тэрыторыі, занятай лясамі, у іх вельмі нізкі. Гэта Панямонска-Слуцкая вобласць, цэнтральна-заходняе Загароддзе, цэнтральная Тураўшчына, расійскае Залессе , усходняя Гомельшчына. Насельніцтва гэтых абласцей нярэдка называе палешукамі жыхароў суседніх лясных мясцовасцей. У Панямонска-Слуцкай вобласці Палессе лакалізавалі далей на поўдзень ад свайго рэгіёну, яго жыхароў называлі палешукамі. І вось даследчыкі паставілі мэту высветліць, дзе ж праходзіць мяжа Палесся. Паехалі на поўдзень, папыталіся, ці тут Палессе? Ім адказвалі, што тут яшчэ не, што Палессе знаходзіцца далей на поўдзень. Ехалі далей на поўдзень – атрымлівалі такі ж адказ. Ехалі яшчэ далей – адказ такі ж.
У наваколлях Брэста Палессе лакалізавалі ў двух накірунках. Першы – усходні. Адны размяшчалі Палессе на ўсход ад Кобрына, другія – на ўсход ад Драгічына, трэція – на ўсход ад Пінска. Другі накірунак (з раёна Брэста) – паўднёва-ўсходні: раён Маларыты і Дамачова, гэтыя мясціны характарызуюцца павышанай лясістасцю. Дарэчы, у ХVІ – ХVІІІ стст. на тэрыторыі Маларытчыны і прылягаючых мясцовасцей знаходзілася Палеская воласць, якая ўваходзіла ў склад Берасцейскага павета. У раёне Камянца Палессе размяшчалі на ўсход ад Кобрына. Плытагоны з наваколляў Драгічына лакалізавалі Палессе на ўсход ад Гарыні. У раёне Турава Палессе размяшчалі на поўдзень ад р. Сцвігі. У раёне Гомеля і Рэчыцы лакалізавалі Палессе на захад ад Дняпра.
Людзі, якія называлі палешукамі сваіх суседзяў, часта характарызавалі іх з негатыўнага боку: яны больш адсталыя, іх менш кранула цывілізацыя, жывуць больш бедна і г.д.
Але існаваў і супрацьлеглы погляд на Палессе. Намі зафіксаваны мясціны, дзе палешукí (полышукы′) з’яўляецца саманазвай, дзе свой край спрадвеку называюць Палессем, дзе прыналежнасць да Палесся і палешукоў лічылася і лічыцца гонарам. Такі погляд зафіксаваны намі ў жыхароў вёскі Сошна Пінскага раёна. На іх думку, Палессе (Поліссе) – гэта невялікі рэгіён. Займае ён паўночную частку Пінскага раёна, якая размешчана на поўнач ад ракі Ясельды. На паўднёвым ўсходзе, па ніжнім цячэнні Ясельды і па Прыпяці Палессе мяжуе з Зарэччам. Зарэчча (Зарíччэ) – вобласць асвоеная, там многа палёў. Але ў той жа час у Зарэччы вельмі многа балот і мала лесу. Зарачукі (зарэчукы′) жывуць бядней за палешукоў. На паўночным усходзе і ўсходзе (узмежжа Пінскага раёна з Ганцавіцкім і Лунінецкім) Палессе мяжуе з іншай вобласцю. Назвы для яе асобнай няма, але гэта дакладна – не Палессе. Там суцэльныя лясы, вёскі сустракаюцца рэдка. Палессе – гэта не глухі лясны ці балотна-лясны край. Палессе – гэта край, дзе многа лесу, але ў ім многа палёў, сенажацяў, ёсць і балоты. У Палессі чаргуюцца лясы, палі, сенажаці, балоты.

Прыводзім матэрыял, зафіксаваны ў в. Пяркі Кобрынскага раёна. У Кобрынскім раёне лясы займаюць менш чвэрці яго тэрыторыі. Але на Кобрыншчыне ёсць некалькі Палессяў. Найбольш значнае з іх знаходзіцца на поўдзень ад р. Трасцяніцы. Палессі – дзе поруч ляскі, палі, сенажаці. Пяркі – гэта не Палессе, бо яны пры дарозе Кобрын – Брэст. Калі гутарка заходзіла пра Расію, гаварылі: многа Палессяў у Цвярской вобласці, а далей на паўночны ўсход ці ў Сібіры – якія там Палессі, там суцэльны лес, тайга. Заўважым, што ў Цвярской вобласці лясы займаюць 36 % яе тэрыторыі. А ў абласцях, размешчаных далей на поўнач і паўночны ўсход намнога больш, напрыклад, у Валагодскай вобласці 66 %, у Кастрамской 67 %.
У вёсцы Відзібар Столінскага раёна, відаць, напластаваліся дзве характарыстыкі Палесся. Пра першую гутарка была вышэй: Палессе – на ўсход ад Гарыні. Другая характарыстыка зафіксавана намі ў 1975 г.: Мы полышукы′, в нас Поліссе. – А ці самі так называеце, ці вас так называюць? -- Так зовуть нас люды з-за Пынска, алэ й самы так зовэмо. – Але ж у вас лясоў не так многа. – У нас і ліс, і полэ, і болото, а болотá туды бульш под Прыпять і за Стыр, а лісá – туды за Гóрынь. То за Горынь можэ вжэ ны Поліссе? Ну й за Стыр ны такое вжэ Поліссе.
Пры супастаўленні ўмоў жыцця людзей, якія жывуць пры лесе (лесавых людзей, палешукоў), і тых, хто жыве ў бязлесных рэгіёнах Палесся (палявікі), можна пачуць шматлікія іх характарыстыкі. Прыводзім некаторыя.
У Полі нейкая пустэча, аднастайнасць, суцэльнае поле, сум наганяе. А тут лес – ды так прыгожа. А глянуць бывала на вёскі. У Полі -- маленькія, нізкія хаты. А каля лесу хаты крэпкія, вялікія, аздобленыя. Лес блізка – можна выбраць дрэва. А ў Полі таго ж кія і то няма дзе і з чаго вырубаць. Зімою ў Полі мёрзнуць, асабліва якія ўдовы – цяжка з дравáмі. А пры лесе. Калі няма нават ні палена дроў, ды якая-небудзь удава пайшла раненька ў лес, прысýнула пару сухіх галін, перарубáла і вытапіла. Жанчыне з Поля, каб пайсці ў ягады ці грыбы, трэба добра падумаць, як на цэлы дзень пакінуць гаспадарку, кароў, свіней, а таксама дзяцей. А каля лесу. Вытапіла – пайшла на гадзінку ў лес. Прышлá дадому, падаíла коровы′, дала свінням – зноў на паўгадзінкі. А колькі ўсялякіх заробкаў каля лесу заўсёды было. Таго ж няма ў Полі. Тут каля лесу жанчыны даўно паадвучваліся прасці і ткаць. То мужык, то сама нешта заробіць у лесе, ды купіць нейкай тканіны. Праўда, праца цяжкая ў лесе. Недарэмна старыя людзі прыказвалі: "Ліс – то есть біс". Але грошай так ніхто не дасць. Трэба ўсюды працаваць. Вось за адны грыбы колькі грошай людзі аграбáлі. Яшчэ ў 1920-я гады ў вёсках каля лесу людзі сталі модна апранацца, абувацца. Дзяўчаты сталі спраўляць сабе пáльта, тýхлі. У Полі ж доўга заставалася модай старасветчына. Часам жанчыну з Поля за вярсту было чутно – ад яе запах гарэлай саломы. Яны ж саломай тапíлі (печ).
А вось характарыстыкі з забалочаных мясцін. Тут каля балота можна некалькі разоў на дзень памыцца. Багатыя людзі едуць адпачываць да мора. А ў нас сваё мора, калі вясною вада залівае балоты, лужкí. Вада ачышчае паветра. Вада – гэта здароўе, гэта прыгажосць. А яшчэ як расцвіце локáтте і лíлійі! Вясною дзяцей не адагнаць з лужкá, цэлымі днямі плешчуцца. Да лета балоты і лужкі высыхаюць. Вада застаецца ў равах і я′тлах.
Паведамляла жанчына з вёскі Радастава Драгічынскага раёна (1960- я гады). Калі яна была малая, дык адна бабулька з іншай вёскі расказвала, як яны калісьці бедавалі пры паншчыне. А тут у Радаставе сярод лясоў і балот ніколі людзі і не ведалі той паншчыны.

Мы цікавіліся, як успрымаюць назвы Палессе і палешукі мясцовыя старажылы ў мінулым глухіх, аддаленых ад гарадоў і мястэчак вёсак. Рабілі апытванне ў вёсках Спорава Бярозаўскага, Радастава Драгічынскага, Махнавічы Мазырскага раёнаў. Махнавічы і іх угоддзі акружаны вялікімі ляснымі масівамі. Радастава з яго палямі, з аднаго боку -- лясныя масівы, з другога – балотныя. Спорава прымыкае да вялікага балотнага масіву. Дык вось у гэтых вёсках на пытанне, што тут разумелі пад Палессем, каго называлі палешукамі, прадстаўнікі старэйшага пакалення нічога не маглі адказаць. Гэтых слоў яны ніколі не чулі. Ці не з’яўляецца гэта дадаткам да інфармацыі жыхароў в. Сошна, што глухія лясныя масівы – гэта не Палессе?

Якой магла быць першасная характарыстыка мясцовасці, што мела назву Палессе?
Найбольш верагодна, што для такой мясцовасці, з аднаго боку, быў характэрны лес, а з другога – у ёй лясныя ўчасткі чаргаваліся з пашамі, палямі і іншымі ўгоддзямі. Палессе – гэта не дрымучыя неасвоеныя чалавекам лясы, Палессе – гэта, відаць, мясціны, дзе лес асвоены, у якім людзі палесавáлі . Хутчэй за ўсё Палессе спачатку лакалізавалася недзе ў лесастэпе. У працэсе асваення лясной зоны гэты тапонім пашыраўся далей на поўнач.

Можна дапусціць, што слова палессе мела таксама значэнне ’несуцэльны л е с наогул’. У такім выпадку Палессем маглі называць мясцовасць, дзе лясныя ўчасткі чаргуюцца з адкрытымі балотнымі масівамі. Нельга выключаць таксама ўплыву на фарміраванне другой характарыстыкі Палесся (глухія балотна-лясныя мясціны) балтыйскіх назваў з коранем pol-/pal-, якія абазначаюць забалочаныя мясціны.
Назву Палессе засвоілі кніжнікі. Яны ўжывалі яе ў розных значэннях для абазначэння часткі ўсходнеславянскай тэрыторыі лясной зоны. У другой палове ХІХ ст. да Палесся адносілі наступную тэрыторыю . У склад беларускага і літоўскага Палесся ўключалі Віленскую, Віцебскую, Гродзенскую, Ковенскую, Магілёўскую, Мінскую, Смаленскую губерні. Існавала яшчэ Бранска-Жыздрынскае Палессе ў Расіі, Малое Палессе на поўначы Галічыны. Цікава, што ўся гэтая тэрыторыя ў агульных рысах супадае з той часткай зямель Вялікага княства Літоўскага ХІУ – ХУІ стст., якія знаходзіліся ў зоне змешаных і лісцевых лясоў.
У далейшым тапонім Палессе набыў тое значэнне, у якім ён ужываецца ў наш час.

Геаграфічная карта Палесся

ПОСИЛАННЯ:

1 Большая Советская энциклопедия. М., 1975, т. 20. С. 186. Беларуская Савецкая энцыклапедыя. Мінск, 1975, т. 8. С. 48-49. Украинская Советская энциклопедия. Киев, 1982, т. 8. С. 359. А.М.Абатуров. Полесья русской равнины. М., 1963. Ю.В.Кухаренко. Первобытные памятники на территории Полесья // Археология СССР. Свод археологических источников. Вып. Б1 – 18, М., 1962. С. 5-6. Полесье. Материальная культура. Киев, 1988. Калужская область. Туристская схема. М.: ГУГК, 1985. Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак. Мінск, 1969. Карты № 71, 75. Н.Н.Дурново. Диалектологическая карта Калужской губернии. СПб, 1903. С. 22. Е.Ф.Карский. Этнографическая карта белорусского племени // Труды Комиссии по изучению племенного состава населения России. 2. Петроград, 1917. С. 20. И.С.Тургенев. Записки охотника. Повести и рассказы. Минск, 1984. С. 3, 151, 368 - 380.
2 Ф.Д.Климчук. Диалектные типы Полесья // Слово и культура. Памяти Никиты Ильича Толстого. М., 1998, том І. С. 118 – 135.
3 J.Obrębski. Problem etniczny Polesia // Sprawy narodowosciowe. R. X, 1936, nr. 1 – 2. S. 1 – 24, mapa. Ф.Д. Климчук. Этногеографические представления полешуков (Западное Полесье до 1939 г.) // Полесье и этногенез славян. Предварительные материалы и тезисы конференции. М., 1983. С. 39 – 41. Ф.Д. Климчук. Некоторые особенности этнического самосознания западных полешуков // Этническое и языковое самосознание. Материалы конференции (Москва, 13 – 15 декабря 1995 г.). М., 1995. С. 71—72. Ф.Клімчук. Некаторыя асаблівасці этнанацыянальнай самасвядомасці заходніх палешукоў // Форум. Інфармацыйна-культурны бюлетэнь. Зіма 1995 – 1996, № 2. Менск. С. 11 – 19.
4 Ф.Д. Климчук. Географическая проекция внутренней формы названия "Полесье" // Региональные особенности восточнославянских языков, литератур, фольклора и методы их изучения. Тезисы докладов и сообщений ІІІ республиканской конференции. Часть І. Гомель, 1985. С. 93 – 96. А.А. Крывіцкі. Назва Палессе – свая ці чужая? // Роднае слова, 1987, № 8. С. 35 – 43. Полесье. Материальная культура ... С. 28 – 40.
5 Е.М. Катонова. Балто-славянские контакты и проблема этимологии гидронимов // Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. Тезисы докладов. Март 1981. Вильнюс, 1981. С. 96 -- 98.
6 Д. Феннел. Кризис средневековой Руси. 1200 – 1304. Перевод с английского. М., 1989. С. 38.
7 А.А. Крывіцкі. Назва Палессе ... С. 42– 43.
8 Живописная Россия. СПб. -- М., 1882. Репринт., Минск, 1993.

ЗНАЙТИ ЧИ СКАЧАТЬ ПОДІБНУ ІНФОРМАЦІЮ, ФОТО:



0 comments:

Дописати коментар

 
 
 

Як називають Полісся?

Поліщуки часто кажуть Полісьсе чи Палесьсе, східні слов'яни та казахи звуть Палессе, Полесье. Словаки та норвежці називають Polesie, чехи - Polesí, південні слов'яни - Polissja чи Полесие, Полесия, Полесје. Литовці іменують Polesė. Німці й шведи звуть Polesien, голандці - Polesië, латиши Poļesje, французи - Polésie. Англійці, італійці, іспанці, фіни - Polesia, рідше Polissia. Норвежці та естонці кажуть Polesje, греки Πολεσία, деякі євреї - פּאָלעסיע, вірмени Պոլեսիե, тайці โปเลเซีย, японці ポリーシャ, корейці 폴레시아, ті, кого найбільше звуть 中文, а турки як завжди - Polesiye.

Екскурсійні тури

Праліси Поліського заповідника | Містичне Камінне село | Чернігів незвичайний | Поліська вузькоколійка "Кукушка"

ВАШІ СТАТТІ

Ви живете на Поліссі чи маєте цікаві матеріали з історії поліського краю? ІЦ Полісся шукає регіональних дописувачів: студентів і журналістів, краєзнавців, істориків, усіх, хто бажає опублікувати свої авторські матеріали - новини, розвідки, дослідження. Особливо розшукуються небайдужі автори у містах: Рівне, Чернігів, Малин, Сарни, Ковель, Ніжин. Зголошуйтесь: icpolissya@gmail.com
 
Copyright © 2009-2022 ІЦ Полісся